ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ,

касцёл Прачыстай Божай Маці, фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял. кн. літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.​Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.​Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.​Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.​Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.​Генеберг) і 1935 (арх. А.​Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.

А.​М.​Кушнярэвіч, А.​У.​Мілінкевіч, Е.​Пашэнда.

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)